СТРАБАСКАПІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

з’ява ўспрымання нерухомым рухомага аб’екта пры ўмове перарывістага яго назірання, а таксама ўспрымання хуткай змены відарысаў асобных момантаў (паслядоўных фаз) руху цела як неперарыўнага яго руху; адна са зрокавых ілюзій. Грунтуецца на інерцыі зроку — захаванні ў памяці ўспрынятага зрокавага вобраза на кароткі час (да 0,1 с) пасля знікнення аб’екта, які выклікаў гэты вобраз. Выкарыстоўваецца ў страбаскапічных прыладах, кінематаграфіі і тэлебачанні.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)